АДЗНАЧАЕМ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ РАЗАМ
22.02.2020На жаль, беларуская мова, знянацку адціснутая братэрскай рускай, паступова робіцца экзотыкай. Сапраўдных народных носьбітаў мовы з кожным годам становіцца ўсе менш і менш.
З мэтай павышэння агульнага культурнага ўзроўню гаварэння дзяцей і падлеткаў, фарміравання ў іх спецыяльных камунікатыўных уменняў і навыкаў 21 лютага ва ўстанове адукацыі “Карцэвіцкая сярэдняя школа” быў рэалізаваны адукацыйны праект “10 балаў ад роднай мовы”, арганізатарамі якога выступілі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Н.А.Кульчыцкая і І.У.Гаціла. Дэвiзам дня сталi радкi Яўгенii Янiшчыц: “Дык калi ты не бязродны сын, гавары са мной па-беларуску”. Да ўдзелу ў праекце запрашаліся вучні 1-10 класаў, настаўнікі і тэхперсанал, падчас якога і дзеці, і дарослыя атрымалі яркія ўражанні, эмацыянальны станоўчы зарад і незабыўныя фотаздымкі на памяць. Для кожнага тут знайшлося нешта сваё, тое, што ён запамятаў надоўга.
На працягу дня ў школе ўсе размалялі толькі на беларускай мове. На перапынках дзейнічала крэатыўная лабараторыя “Мова нанова”, дзе кожны змог праверыць свае веды роднай мовы. У бібліятэцы працавала вытава-прэзентацыя твораў беларусіх пісьменнікаў “Прыгарніся да роднага слова”.
У школьным краязнаўчым музеі адважных герояў чакаў музейны квэст “Карцэвічы, або сем запаведзяў маіх аднавяскоўцаў”, падчас якога вучні адкрылі для сябе старонку гісторыі родных Карцэвіч.
Фінальным акордам святочнага дня стала агульнанацыянальная дыктоўка.
Дзень скончыўся, і нам хочацца верыць, што нашы вучні ўсвядомілі: наша беларуская мова жывая і сапраўдная. Таму кожны, хто нарадзіўся на гэтай прыгожай гасцінай зямлі, павінен не толькі валодаць ёю дасканала, але і шанаваць, захоўваць. І рабіць гэта патрэбна кожны дзень на 10 балаў.